У перыяд уборачнай кампаніі работнікі МНС дапамагаюць аграрыям сабраць ураджай.

У Мінску ў Адукацыйным цэнтры бяспекі жыццядзейнасці Універсітэта грамадзянскай абароны МНС з удзелам Міністра па надзвычайных сітуацыях Вадзіма Сіняўскага адбылося ўрачыстае ўшанаванне работнікаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў ва ўборачнай кампаніі 2026 года. Сярод узнагароджаных і наш земляк Сяргей Паўлюкевіч, старшы інструктар-выратавальнік РОЧС, які ўжо другі год запар прымаў удзел у жніве.

Традыцыйна ва ўборачную страду выратавальнікі не толькі забяспечваюць пажарную бяспеку на палях, збожжатаках і зернесушыльных комплексах, але і самі становяцца часткай вялікай каманды хлебаробаў: перасаджваюцца за руль камбайнаў і іншай сельскагаспадарчай тэхнікі, каб дапамагчы сабраць ўраджай.

Сёлета ў Беларусі да аграрыяў далучыліся 264 работнікі МНС. Агульнымі намаганнямі яны намалацілі амаль 220 тысяч тон збожжа, перавезлі больш за 70 тысяч тон і апрацавалі на зернесушыльных комплексах звыш 63 тысяч тон збожжа. Больш за 120 удзельнікаў пераадолелі мяжу ў тысячу тон намалоту, трое з іх – больш за чатыры тысячы тон.

Раёнка пісала, што сёлета Сяргей Паўлюкевіч працаваў у складзе зводнага механізаванага атрада Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС на хлебных палях Горацкага раёна.

«Уборачная кампанія – гэта вялікая адказнасць і камандная праца. Тут, як і ў нашай асноўнай службе, многае залежыць ад дысцыпліны, уважлівасці і ўзаемадапамогі. Прыемна ўсведамляць, што можаш быць карысным не толькі ў сваёй непасрэднай працы, ад тваёй дапамогі аграрыям залежыць агульны каравай краіны, – адзначае выратавальнік. – А мерапрыемства, у якім я прымаў удзел, дазваляе адчуць, што нашу працу цэняць. Прыемна было атрымаць узнагароду, таму з’яўляецца яшчэ большае жаданне працаваць добрасумленна і не спыняцца на дасягнутым».

Сяргей Паўлюкевіч таксама падзяліўся ўражаннямі ад экскурсіі ў Палац Незалежнасці – галоўны сімвал сучаснай беларускай дзяржаўнасці.

Гатоўнасць прыйсці на дапамогу, добрасумленнае стаўленне да справы і пачуццё адказнасці – якасці, якія аднолькава важныя і пры выкананні задач па забеспячэнні бяспекі,

і ў гарачую пару на палях. Бо служыць людзям – значыць быць гатовым працаваць там, дзе

асабліва патрэбныя твае веды, сілы і падтрымка.

Падрыхтавала Галіна РУСЕЦКАЯ.

Сообщение Ад пажарнага разліку – да жніва появились сначала на kirovsk.by .

Читать у источника →