А дзясятай гадзіне спяшаемся ў лагер «Астравок дзяцінства» з дзённым знаходжаннем дзяцей на базе сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы. Змена пад назвай «Асенні настрой» пройдзе з 2 па 6 лістапада.
Угэтую змену ў лагеры адпачнуць 25 вучняў ва ўзросце ад шасці да дзесяці гадоў. Атрад «Радуга» мае дэвіз: «Мы, как в радуге цвета, неразлучны никогда».
На працягу пяці дзён адпачываючых чакаюць цікавыя і захапляльныя гульні і мерапрыемствы з фізкультурна-аздараўленчай накіраванасцю. Штодзённа праводзяцца спартыўныя гадзіны, рухомыя гульні на свежым паветры, ваенна-патрыятычная гульня «Зарнічка».
Не застаюцца дзяўчынкі і хлопчыкі без працоўных дэсантаў і акцый, да прыкладу, працоўны дэсант «Аперацыя БУНТ».
Штодзённа з вучнямі працуюць сацыяльны педагог і псіхолаг.
Праводзяцца розныя трэнінгі, прававыя гадзіны, гульні на згуртаванне: «Балота», «Путаніца», конкурсы «Ярмарка ідэй», псіхалагічныя акцыі «Скрыначка пажаданняў».
Дзяўчынкі і хлопчыкі харчуюцца тройчы на дзень. Праводзіцца вітамінізацыя. Штодзённа дзеці атрымліваюць свежыя садавіну і гародніну.
Іна Мікалаеўна Суднік з’яўляецца кіраўніком лагера на працягу васьмі гадоў. Яна адзначыла: «Лагер — аздараўленне плюс выхаванне, школа самастойнасці і фабрыка сяброўства».
Слова — дзецям Варвара Аўдакушына, вучаніца 2 класа, гаворыць:
— Мне тут вельмі падабаецца. Можна гуляць і ўдзельнічаць у конкурсах — за кожны атрымліваем прызы. Тут лепш, чым дома, і шмат сяброў. З першага класа наведваю ўсе змены ў лагеры, заўсёды тут весела і цікава.
Ягор Чачотка, вучань 3 «Б» класа, адзначае:
— У лагеры вельмі добра. Ходзім на спартыўную пляцоўку і прагулкі на вуліцу. Гуляем у розныя гульні. Летам ездзім на экскурсіі. Наведваем кінатэатр.
У лагеры вельмі смачна кормяць. Люблю боршч, курыныя катлеты, сасіскі ў цесце, піцу, нагетсы, тварожную запяканку, шашлык. Даюць бананы, яблыкі, грушы, сокі. У лагеры не толькі смачна, але і весела.
Статыстыка
Як паведамілі ў аддзеле адукацыі Карэліцкага райвыканкама, аздараўленнем дзяцей на перыяд асенніх канікул 2026/2027 навучальнага года ахоплены 115 вучняў васьмі сярэдніх школ раёна, у тым ліку: СШ № 1 — 25, СШ № 2 — 20, СШ г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай і Жухавіцкая — па 15, Райцаўская, Лукская, Красненская, Турэцкая — па 10.
Кошт бацькоўскай даплаты да поўнага кошту пуцёвак складае для дзяцей 6-10 гадоў — 29 рублёў, 11-13 гадоў — 34.
Для дзяцей створаны бяспечныя ўмовы знаходжання, а таксама забяспечаны поўны ахоп аздараўленчымі мерапрыемствамі і грамадска карыснай занятасцю на працягу ўсяго канікулярнага перыяду непаўналетніх, якія стаяць на розных відах уліку.
Вялікая ўвага надаецца грамадзянскаму і патрыятычнаму выхаванню, фарміраванню грамадзянскай пазіцыі, выкарыстанню магчымасцей музейнай педагогікі і правядзенню мерапрыемстваў па бяспечных паводзінах у сетцы Інтэрнэт і выкарыстанню інтэрнэт-рэсурсаў.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны ЖАМОЙДЫ
The post У Карэліцкім раёне на асенніх канікулах школьнікі адпачываюць з карысцю first appeared on Газета Полымя .