І гэта ў сям’і, дзе пануюць лад і згода, каханне і падтрымка. Тут адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. І ёсць свая формула шчасця.

Ад родных ніў, ад роднай хаты

— Я сама родам з аграгарадка Краснае, — пачала свой аповед Ірына. — Скончыла Красненскую сярэднюю школу і Гродзенскі медкаледж.

Замуж выйшла праз два тыдні пасля атрымання дыплома. Працоўны шлях пачала ў Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы фельчарам-лабарантам.

Маленькая радзіма Мікалая — вёска Баранавічы. За плячыма — вучоба ў Навагрудскім дзяржаўным ліцэі, праца ў КСУП «Малюшычы» і ДП «Племзавод «Карэлічы». Затым уладкаваўся трактарыстам у СВК «Маяк-Заполле».

Ірына з гонарам адзначае тое, што бацькі сваё жыццё пражылі на Карэліччыне. Матуля — сястра-гаспадыня аддзялення рэабілітацыі раённай бальніцы, тата — механізатар СВК «Маяк-Заполле». Яны перадалі дзецям урокі працавітасці, якія спатрэбіліся ў жыцці.

Любая праца ў радасць

Пашанцавала Ірыне і на абранніка жыцця.  Мікалай аказаўся вельмі працавітым чалавекам. Шчыруе на рабоце і дома. Справа гарыць у яго руках: збярэ мэблю, заарэ агарод, цэлы вечар гуляе з дзецьмі. Любая праца яму ў радасць, любыя адносіны з роднымі і блізкімі самыя шчырыя — такі ён чалавек.

Мікалай працуе механізатарам і да даручанай справы адносіцца з вялікай адказнасцю. І што б ні рабіў у мясцовай гаспадарцы: араў, сеяў, вазіў угнаенні — усё робіць ад душы.

Да таго ж ён быў удзельнікам конкурсаў прафесійнага майстэрства. Два гады запар прымаў удзел у конкурсах «Трактар-шоу» на абласных «Дажынках», якія праводзіліся ў Ваўкавыску і Карэлічах, заняў другое і першае месцы. У 2025 і 2026 гадах на фэсце «Бацькава булка» ў Свіслачы ўдзельнічаў у конкурсе прафесійнага майстэрства «Трактар-булка-шоу» і адзначаны Дыпломамі за ўдзел.

Дзеці — галоўнае ў жыцці

Жыве сям’я Чубрык у калгаснай чатырохпакаёвай кватэры ў вёсцы Паланая. Яе атрымалі ад СВК «Маяк-Заполле». Да гэтага месціліся ў аднапакаёвай, у інтэрнаце аграгарадка Краснае.

— Зараз кожны мае свой пакой. Ёсць вялікая кухня. Месца хапае ўсім, дзецям ёсць дзе пагуляць, — дзеліцца маладая гаспадыня і апавядае пра іншую маёмасць — хлеў і гараж.  Яшчэ рукі можна прыкласці на агародзе і ў цяпліцы. Тут садзяць агуркі, памідоры, цыбулю, буракі, моркву, радыску, бульбу, клубніцы.

— Я шчаслівая тым, што ў мяне ёсць сям’я. Дзеці —  галоўнае ў жыцці. Ёсць дом, у якім цёпла і ўтульна. Хочацца, каб так было заўжды, — адзначае маладая маці.

«У вёсцы можна жыць»

Вёска Паланая прываблівае сваёй непаўторнасцю. У залатым убранні дрэў і асеннім светлым суме тое, што асабліва кранае душу. Хочацца наталяцца водарам восеньскай прахалоды як мага надалей.

— Месца тут добрае, — гаворыць Ірына Чубрык. — Вельмі ціха і спакойна, дзецям ёсць дзе пагуляць. Вяскоўцы  зрабілі дзіцячую пляцоўку. Жыхароў у Паланой нямала. У вёсцы можна жыць, галоўнае — згода і лад у сям’і. Гэта і ёсць простае людское шчасце.

The post Галоўнае шчасце шматдзетнай сям’і Чубрык з вёскі Паланая — трое дзяцей first appeared on Газета Полымя .

Читать у источника →