Ігар Гайкевіч, вядомы пад псеўданімам Дзед Янкель, на партале VIDEOBEL.BY расказвае пра палескіх коней - старажытную папуляцыю ляснога тыпу, у жылах якіх, паводле падання, цячэ кроў дзікіх тарпанаў.
Палескія каменныя дзяўчаты. Містычнае паданне Палесся
Трывалыя і працавітыя, яны заўсёды былі поруч з палешукамі ў полі, у лесе, у балоце - паўсюль. Цыцэрон казаў, што сапраўдны сябар пазнаецца ў бядзе, і гэтыя словы найлепшым чынам падыходзяць для апісання палескіх коней. Гэта старажытная папуляцыя каня ляснога тыпу Палесся, невялікія, але надзвычай дужыя коні, у жылах якіх бяжыць кроў старажытных тарпанаў. Яны доўга жывуць, іх лёгка разводзіць, зусім не патрабавальныя да ежы і догляду.
"Жыццё на Палессі заўседы было нялёгкай справай. Сама прырода нібыта кідае выклік мясцовым жыхарам. Але нягледзячы на гэта, палескі конь заўсёды быў са сваім гаспадаром. Няхай ён не раўня ў прыгажосці арабскім скакунам, няхай не выдаўся ростам, але палескі конь заўсёды сумленна выконваў сваю працу, заўсёды дапамагаў палешуку", - расказвае блогер.
На жаль, з розных прычын папуляцыя палескіх коней імкліва зніжаецца. Зараз цяжка дакладна падлічыць, колькі іх засталося, але навукоўцы гэтым займаліся. У 2021 годзе на Прыпяцкім Палессі праводзілі пошук палескіх коней, знайшлі толькі 65 асобін. Але сярод гэтай сумнай статыстыкі ёсць і добрая навіна: у Нацыянальным парку "Прыпяцкі" жыве прыгажун Дзіў - сапраўдны палескі конь!
"Прыгожы, моцны і адважны! Хочацца спадзявацца, што не толькі дзівам адзіным… Хочацца, каб мы ўсё ж змаглі зберагчы гэтую папуляцыю. І можа дзесьці яшчэ ў якіх мясцінах знойдуць сабе прытулак нашы палескія прыгажуны", - марыць малады чалавек.-0-
* Яшчэ больш цікавых відэа любімых блогераў глядзіце на партале VIDEOBEL.BY.
